ЛЯ́МПА АДВАРО́ТНАЙ ХВА́ЛІ,

электравакуумная ЗВЧ прылада, у якой выкарыстоўваецца перадача энергіі электроннага патоку полю запаволенай бягучай эл.-магн. хвалі, што распаўсюджваецца ў напрамку, процілеглым руху электронаў. Выкарыстоўваецца ў вымяральнай апаратуры з аўтам. перастройкай частаты, супергетэрадзінных радыёпрыёмніках, радыёспектраскапіі і інш.

Прынцып работы Л.а.х. вызначыў амер. фізік С.Мільман у 1950. Адрозніваюць Л.а.х. О-тыпу з прамалінейным электронным патокам і М-тыпу, дзе электронны паток рухаецца ў перакрыжаваных пастаянных эл. і магн. палях. Нізкавольтныя Л.а.х. О-тыпу выпускаюцца магутнасцю да 100 мВт на частоты ад 1 да 1500 ГГц, дыяпазон перастройкі частаты ад 10% да актавы, ккдз да 1%; рэлятывісцкія лямпы для мікрахвалевай зброі маюць імпульсную магутнасць да 2 ГВт, ккдз да 20%; Л.а.х. М-тыпу генерыруюць ваганні з частотамі ад 0,5 да 18 ГГц магутнасцю да 1 кВт, дыяпазон перастройкі частаты да 30%, ккдз да 50%. Гл. таксама Лямпа звышвысокачастотная.

А.А.Кураеў.

Схема будовы лямпы адваротнай хвалі: 1 — электронная пушка; 2 — вывад энергіі; 3 — запавольвальная сістэма; 4 — прыстасаванне для факусіроўкі; 5 — калектар; 6 — электронны паток.

т. 9, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)